Приветствую Вас, Гость
Главная » 2015 » Май » 10 » Свята меламанаў
16:49
Свята меламанаў

BSUIRНе раз і не два ў жыцці мы чулі, як нехта крытыкуе музыкальныя густы, часамі, нават, самі займаемся гэткай справай. Але ж кожны стыль мае права на існаванне, бо нясе свае асабістыя фішкі і свой спосаб уздзеяння! Менавіта такую думку паспрабавалі данесці арганізатары гульні «Мелатрэк», якая адбылася ў БДУІР у красавіку.

Сутнасць гульні даволі простая: каманды па 4-6 чалавек, розныя тэмы і музыка. За 30-40 секунд гучання трэка трэба ўспомніць, хто яго выконвае і як ён называецца. На базе гэтай ідэі з’явілось сапраўднае шоў!

Першае, што парадавала асабіста мяне, гэта назвы каманд: «30 минут до МКАД», «Варыкоз», «Разбітае сэрца Саладухі». Не абыйшлося і без праграмісцкіх жартаў. Адзначыліся каманды з назвай «Новая папка(2) » і «Hello, World!» Каманды, дарэчы, былі не толькі з нашага ўніверсітэта, а яшчэ з БДУ, БНТУ, БДПУ і ЕГУ, таму гульня аб’яднала розныя ВНУ. Мовай «Мелатрэка» вядучы Цімафей Малахоўскі, студэнт 1 курса ФКСіС, абраў беларускую, што вельмі паспрыяла мерапрыемству. Гульня складалася з 10 этапаў-тэм, у кожнай было па 10 трэкаў. Музыка гучала вельмі розная па стылях і накірунках.

Першы этап – размінка. Для яе падбіраліся агульнавядомыя мелодыі, каб падштурхнуць каманды да актыўнай гульні. У зале раздаваліся радасныя крыкі, калі каманда пазнавала мелодыю. Музыка ўздзейнічала, як ёй і належыць: многія пачыналі рухацца ў такт.

Другі этап адразу падняў планку. Гучалі jazz-каверы. Загадкамі для меламанаў сталі кампазіцыі гурта Richаrd Cheese, які перарабляе на джазавы лад знакамітыя мелодыі. Удзельнікі каманд павінны былі здагадацца, якая песня перапета. Вельмі цікава было пачуць кампазіцыі гуртоў «AC/DC» ці «Nirvanа» ў новых апрацоўках. Распазнаваць такія трэкі – нялёгкая справа, але ўдзельнікаў ратавала веданне тэкстаў песень. А пад трэк «Oops, I did it again» падпявала хорам уся зала.

Трэцяя і самая, пэўна, складаная частка – рыверсы. Песні пускаліся адваротным ходам. Каб удзельнікі зусім не згубіліся, былі зроблены падказкі-асацыяцыі ў выглядзе малюнкаў. Некаторыя падказкі чыталіся адразу, так што і мелодыю слухаць не патрабавалася: па выяве на экране ўсё было зразумела. Тут, вядома, танчыць і падпяваць асабліва не атрымлівалася, бо песні ў адваротным варыянце гучалі як размова жыхароў іншых планет.

Чацвертым ішоў этап музыкі з рэкламы: трэба было ўспомніць не толькі саму песню, але і тое, што яна рэкламавала. «О, Palmolive, мой нежный гель» крыху здзівіў нават вядучага, бо аўтара ніхто не ведаў. Астатнія мелодыі былі больш вядомымі і лёгкапазнавальнымі.

Калі наступнай абвясцілі тэму «Усё сваё», то ў мяне не засталося сумненняў наконт таго, якія песні і гурты там будуць гучаць. Падборка сучаснай беларускай музыкі выйшла цікавая: драйвовыя «The Toobes», рамантычныя «HandMade», цудоўная Паліна Рэспубліка, а напрыканцы – Leibonik. Прыемным бонусам для ўдзельнікаў «Мелатрэка» стаў розыгрыш двух квіткоў на канцэрт таго самага Leibonika ці Сяргея Башлыкевіча (выпускнік БДУІР).

Далей удзельнікаў чакала музыка з кіно: фільмы былі самыя розныя, ад «Таксі» і «Карты, грошы, два ствалы» да «50 адценняў шэрага». Сапраўдным выбухам стала песня «Полковнику никто не пишет» гурта «Бі-2». Яе спявалі ўсе разам, нават запальніцы гарэлі, як на сапраўдным канцэрце. Бліжэй да заканчэння мерапрыемства каманды адчулі сябе зусім свабодна: танчылі, спявалі, браліся за рукі і разам махалі ў такт песням.

Апошнія чатыры этапы таксама прайшлі весела і дынамічна  – «рэпчына», «міксы», «калыханкі», зробленыя з рок-песняў, а фінальным этапам стала «салянка». Нарэшце былі аб’яўлены пераможцы. Імі сталі: «Лаванда», «Едем и молчим» і «Камалэди единственная и неповторимая команда Фили, всё до этого было ЛОЖЬЮ». Бачыце, я ж казала: назвы што трэба! Гэтыя тры самыя дасведчаныя ў музыцы каманды атрымалі квіткі на канцэрт Сяргея Башлыкевіча, кнігі і салодкія падарункі, а ўсе – удзельнікі і гледачы – вялікую асалоду ад музыкі добры настрой і шмат пазітыўнай энергіі.

Вялікі дзякуй арганізатарам за цікавае і нефармальнае мерапрыемства!

Наталля Пляшкун,

студэнтка 2 курса ФКСіС

Газета "Імпульс", № 7 ад 25 красавіка 2015 г.

 

Категория: Ученикам об учениках | Просмотров: 780 | Добавил: Елена | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar