Приветствую Вас, Гость
Главная » 2014 » Февраль » 22 » Гэты чароўны хорастаўскі дыялект...
22:54
Гэты чароўны хорастаўскі дыялект...

Наталья Гончарик

Алена Данілевіч родам са Случчыны. Пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ў Мінску Алена Леанідаўна атрымала размеркаванне ў Хорастаўскую школу Салігорскага раёна. Першае працоўнае месца прыйшлося маладой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры даспадобы. Асабліва кранула прыгажосць палескай мясцовасці і незвычайны, але такі чароўны хорастаўскі дыялект. 

Жыццё склалася так, што Алена Данілевіч пераехала ў Старобін. І ўжо школа гэтага населенага пункта шырока распахнула перад ёй свае дзверы. Ішоў час, настаўніца працавала з энтузіязмам, старанна, але заўсёды ёй не давала спакою тая хорастаўская гаворка, пачутая калісьці ў маладосці, але запаўшая ў душу на ўсё жыццё. І вось разважанні на гэту тэму знайшлі сваё ўвасабленне. Так на свет з’явілася навукова-даследчая работа "Дыялекталагічны слоўнік назваў прадметаў побыту гаворак вёскі Хорастава Салігорскага раёна”.

У кожнай школе ёсць сваё навуковае аб’яднанне, у рамках якога вучні пад непасрэдным кіраўніцтвам настаўнікаў займаюцца сапраўднай даследчай працай. Добра наладжана і паспяхова вядзецца гэтая работа і ў Старобінскай сярэдняй школе. І вось апантаны выкладчык-беларусавед Алена Данілевіч вырашыла правесці няпростую, але вельмі патрэбную работу - за-пісаць дыялектызмы той самай палескай вёскі Хорастава, гаворка якой аднойчы і назаўсёды ўразіла маладога педагога. Гэтай ідэяй настаў-ніца зацікавіла і сваю вучаніцу – на той час, а было гэта ў 2010-м, васьмікласніцу Кацярыну Валодзька. Да таго ж дзяўчынка была родам з гэтых мясцін, і нават жыла там да пяці год.

Карпатлівая праца цягнулася цэлы год. Кацярына распытвала пра назвы прадметаў побыту родную бабулю - Марыю Уладзіміраўну Валодзька, жыхарку Хорастава, ды і здабывала сёе-тое з таямніц сваёй дзіцячай памяці. А Алена ж Леанідаўна вяла даследчую гутарку са сваёй свекрывёю Соф’яй Мікалаеўнай Данілевіч, жыхаркай вёскі Чаланец, што знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад населенага пункта - аб’екта вывучэння. Падчас працы высветлілася, што абарак, у гэтай мясцовасці, - гэта частка збруі, драўляная палка, з дапамогай якой каня ўпрагаюць у плуг. Апіненкай, напрыклад, называюць вялікую хустку, якой абвязваюць плечы, паясніцу. А вось калубель – гэта калыска; копка – адтуліна ў печы для захавання лучыны, запалак; рэндзі – рознае адзенне, невялікія шытыя рэчы; свінінчык – пабудова для свіней, часта агароджаная пляцоўкай для знаходжання жывёлы на паветры; укладанка – саматканая посцілка. Ёсць словы, якія шырока вядомыя, але ў дадзенай мясцовасці ўжываюцца зусім з іншым значэннем. Напрыклад, браверка – гэта безрукаўка, часта падбітая мехам; зыр – неастыўшыя вуголлі; кавяня – качарга, прылада з загнутым канцом для падварушвання вуголля ў печы; рошчына – аўсяны кісель і г.д.

Такім чынам, словы-дыялекты дбайна збіраліся, аналізаваліся, а потым акуратна запісваліся ў алфавітным парадку на карткі. У выніку атрымалася свайго рода сістэматызаваная картатэка-слоўнік. Гэта была практычная частка работы. У тэарэтычнай частцы ж настаўніца разам з вучаніцай паразважалі наконт неабходнасці і актуальнасці праведзенага даследвання. Сваю даволі сур’ёзную навуковую работу творчы саюз настаўніка і вучня прадставіў на раённай навукова-даследчай канферэнцыі. І перамог. На жаль, на вобласці прызавога месца атрымаць не давялося.

З таго часу мінуў не адзін год. Кацярына – ужо студэнтка Палескага ўніверсітэта. Яна звязала свой лёс з іншай прафесіяй, але дзякуючы сваёй настаўніцы павагу да мілагучнай беларускай мовы дзяўчына пранясе праз усё жыццё. Сапраўдны настаўнік любоў да свайго прадмета заўсёды перадае і сваім вучням. Дарэчы, у дзвюх сваіх старэйшых дачок Алена Данілевіч таксама выклікала інтарэс да роднай мовы. Дзяўчынкі неаднаразова былі ўдзельніцамі алімпіяд па гэтым прадмеце і актыўна займаліся даследчай дзейнасцю ў галіне беларусазнаўства – з цікавасцю вывучалі паходжанне мянушак і тапонімаў. А зараз у Алены Леанідаўны падрастае малодшая дачка, такая ж неабыякавая і зачараваная беларускай мовай, як і сама настаўніца. І хто ведае, можа ў будучым дзяўчынка працягне далей такую складаную і запатрабаваную даследчую працу па дыялектызмах, распачатую яе маці. І перамога будзе ўжо не толькі на раённым узроўні, а значна вышэй.

Шахцёр

Категория: Резонанс | Просмотров: 889 | Добавил: Елена | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar